ТРАФІ́ЧНЫ ЎЗРО́ВЕНЬ,

сукупнасць арганізмаў біягеацэнозу, аб’яднаных тыпам жыўлення. Адрозніваюць Т.ў.: прадуцэнты (аўтатрофныя арганізмы, пераважна зялёныя расліны), кансументы 1-га (расліннаедныя жывёлы), 2-га (драпежнікі) і 3-га (другасныя драпежнікі) парадкаў, рэдуцэнты (мікраарганізмы-дэструктары). Арганізмы розных трафічных ланцугоў, якія атрымліваюць корм праз аднолькавую колькасць звёнаў, знаходзяцца на адным Т.у. Асобіны аднаго віду, якія прымаюць удзел у розных трафічных ланцугах, могуць знаходзіцца на розных Т.у., у залежнасці ад крыніцы энергіі. На кожным Т.у. корм асімілюецца часткова, значная яго ч. траціцца на абмен, таму прадукцыя арганізмаў кожнага наступнага Т.ў. заўсёды меншая за прадукцыю папярэдняга ў сярэднім у 10 разоў. Адносная колькасць энергіі, што перадаецца ад аднаго Т.ў. да другога, наз. экалагічнай эфектыўнасцю згуртавання. Суадносіны розных Т.у. (трафічную структуру) графічна паказваюць у выглядзе экалагічнай піраміды. Вывучае Т.ў. трофаэкалогія.

т. 15, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)